RATING ALL.BY
 
 
Вы находитесь: Главная Статьи Наша история Урбанонімы горада Ліды, ч.4
 
 

Урбанонімы горада Ліды, ч.4

Валеры Сліўкін. Лідскія гарадскія гадонімы і агаронімы (Назвы лідскіх вуліц і пляцаў).

 

У 2009 годзе адна з новых вуліц у раёне вул. Гастэлы атрымала імя Ігната Дамейкі.

У 2010 годзе перад Дажынкамі з вуліц 1-й Навапрудскай, часткі вуліцы Энгельса, новага ўчастка, часткі вуліцы Перамогі, вуліцы Ламаносава ўтвораны першы ў горадзе праспект – праспект Перамогі. Частка вуліцы Энгельса (ад гасцініцы "Ліда" да праспекта Перамогі) перайменавана ў вуліцу Грунвальдскую. Частка вуліцы Камсамольскай (ад вуліцы Савецкай да праспекта Перамогі) перайменавана ў вуліцу Замкавую (былая Замкавая знікла ў выніку зносу прыватнага сектару каля замка). Бульвар Чапаева перайменаваны ў бульвар князя Гедыміна.

Аб назвах.

У сваёй большасці назвы вуліц у Лідзе надуманыя, яны прыдуманы і ўзаконены ўладамі. Сярод 290 вуліц няма і дзесятка, якія мелі б адносіны да ланшафту, або да блізка размешчаных пабудоваў. Вуліца Замкавая размешчана каля Замка. Авіяцыйная, Аэрадромная і Лётная – каля аэрадрома, Чыгуначная – уздоўж чыгункі, Дачная – па дарозе на дачы. Зялёны бераг, Прыазёрная, Наберажная- каля вадасховішчаў, Зарэчная – за Лідзейкай, Транспартная – каля аўтапарка. І гэта напэўна ўсё. Гаварыць пра лідскія гадонімы не выпадае. Народных назваў няма, іх паўсюль замянілі адміністратыўнымі саветызмамі: Інтэрнацыянальная, Камунараў, Камуністычная, Камсамольская, Чырвонаармейская, Чырвонагвардейская, Чырвонадонцаў, Калгасная, Кастрычніцкая, Партызанская, Піянерская, Пралетарская, Рэвалюцыйная, Савецкая, Саўгасная, Сацыялістычная. Асаблівае "захапленне" выклікаюць вуліцы, абазваныя днямі года: 7-га лістапада, 1-га мая і 8-га сакавіка.

Аб імянных вуліцах.

На сёння ў Лідзе 148 імянных вуліц.

Вуліц, названых імёнамі вялікіх князёў ВКЛ – 1: бульвар князя Гедыміна.

Вуліц, названых імёнамі вучоных – 14: В.В. Дакучаева (1846-1903), І.Г. Дамейкі (1802-1889), М. Я. Жукоўскага, (1847-1921), М. Каперніка (1473-1543), М. І. Лабачэўскага (1792-1856), Д.І. Мендзялеева (1834-1907), І.І. Мечнікава (1845-1916), І.У. Мічурына (1855-1935), І.П. Паўлава (1849-1936), І.І. Паўзунова (1728-1756), А.С. Папова (1859-1906), Г.Я. Сядова (1877-1914), І.М. Сечанава (1829-1905), К.А. Цімяразева (1843-1920), У.П. Філатава (1875-1956).

Вуліц, названых імёнамі пісьменнікаў і паэтаў - 30: імя В.Р.Бялінскага (1811-48), А.П. Гайдара (1904-41), А.І.Герцана (1812-70), М.В. Гогаля (1809-52), М.Горкага (1868-1936), А.С. Грыбаедава (1795-1829), М.А.Дабралюбава (1836-61), Ф.М. Дастаеўскага (1821-81), Я.Коласа (1882-1956), І.П.Катлярэўскага (1769-1838), І.А. Крылова (1769-1844), Я.Купалы (1882-1942), М.Ю.Лермантава (1814-41), У.У.Маякоўскага (1893-1930), А.Міцкевіча (1798-1855), М.А.Някрасава (1821-78), М.А.Астроўскага (1904-36), А.С. Пашкевіч (1876-1916), А.С.Пушкіна (1799-1837), А.М.Радзішчава (1749-1802), К. Ф. Рылеева (1795-1826), А.С. Серафімовіча (1863-1949), В.П.Таўлая (1914-47), Л.М. Талстога (1828-1910), І.С.Тургенева (1818-83), І.Я.Франко (1856-1916), Д.А.Фурманава (1891-1926), М.Г. Чарнышэўскага (1828-89), А.П.Чэхава (1860-1904), Шалом-Алейхема (1859-1916).

Імёнамі музыкантаў названыя дзве вуліцы: М.І.Глінкі (1804-57), П.І.Чайкоўскага (1840-93).

Імёнамі мастакоў - таксама дзве вуліцы: І.Я.Рэпіна (1844-1930), І.К.Айвазоўскага (1817-1900).

Камуністычныя дзеячы і рэвалюцыянеры ашчаслівілі сваімі імёнамі 27 вуліц: імя М.Э. Баўмана (1873-1905), Ф.Э.Дзяржынскага (1877-1926), М.І.Калініна (1875-1946), С.М.Кірава (1886-1934), Н.К.Крупскай (1869-1939), В.У.Куйбышава (1888-1935), У.І. Леніна (1870-1924), К.Лібкнехта (1871-1919), Р.Люксембург (1871-1919), К.Маркса (1818-83), П.М.Машэрава (1918-80), В.Р. Менжынскага (1874-1934), А.Ф. Мяснікова (1886-1925), С.К.Арджанікідзэ (1886-1937), Г.В.Пляханава (1856-1918), С.О.Прытыцкага (1913-71), Т.С. Радзюка (1906-61), Я.М.Свярдлова (1885-1919), Э.Тэльмана (1886-1944), М.С.Урыцкага (1873-1918), Р.Ф.Фамічова (1925-78), М.В.Фрунзэ (1885-1925), А.С.Шчарбакова (1901-45), Г.М.Дзімітрава (1882-1949), К.Цэткін (1857-1933), Ульянавых.

Імёны паўстанцаў носяць 5 вуліц: І.І. Балотнікава (?- 1608), К.Каліноўскага (1838–64), Я.І. Пугачова (1742-75), С.Ц.Разіна (к. 1630-71), Т. Касцюшкі (1746-1817), Б.М.Хмяльніцкага (к. 1595-1657).

Імёны палкаводцаў і ваеначальнікаў маюць 15 вуліц: П.І.Багратыёна (1765-1812), Л.І.Бяды (1920-76), М.Ф.Ватуціна (1901-44), К.М.Галіцкага (1897-1973), Л.А.Говарава (1897-1955), Л.М. Даватара (1903-41), Дз. Данскога (1350-89), Г.К. Жукава (1896-1974), М.І.Кутузава (1745-1813), П.С.Нахімава (1802-55), А.Неўскага (1220-63), А.В. Суворава (1730-1800), М. М. Тухачэўскага (1893-1937), Ф.Ф.Ушакова (1744-1817), І.Д.Чарняхоўскага (1906-1945).

Імёны герояў маюць 24 вуліцы: імя Б.С. Акрэсціна (1923-44), П.Д.Асіпенка (1907-39),А.Я. Брандыса (1923-?) М.Г. Гарэева (1922-), М.Ф. Гастэлы (1907-41), С.Д.Герасімава (1915-44), І.П. Вядзеніна (? -1942), А.Т. Дундзіча (1897-1920), Д.І.Жабінскага (1920-45), К.С.Заслонава (1910-42), М.Казея (1929-44), З.А.Касмадзям'янскай (1923-41), Р.І.Катоўскага (1881-1925), А.В.Кашавога (1926-43), С.Г.Лазо (1894-1920), М.М. Малахава (1921-93), А.М.Матросава (1924-43), П. Марозава (1918-32), А.Я.Пархоменкі (1886-1920), А.К.Сярова (1910-39), Л.І.Чайкінай (1918-41), В.І. Чапаева (1887-1919), В.П.Чкалава (1904-38), М.А. Шчорса (1895-1919).

Імёны партызанаў і падпольшчыкаў атрымалі 13 вуліц: Б.А. Булата (1912-84), М.М. Ігнатава (1910-44), А.Г.Качана (1925-44), А.А.Клімко (1925-44), М.І.Канаховіча (1900-48), М.І. Кастраміной (1923-43), Зоі (1926-44) і Лёні (1929-44) Кудачовых, М.К.Наказных (1923-44), І.А. Пралыгіна (1917-76), В.А.Рыбіноўскага (1918-44), В.І. Шубіна (1916-44), А.А.Коннава (1919-73), В.З. Царука (1899-1957)

Імёны ўдзельнікаў баёв за горад носяць 10 вуліц: М.П.Арцёменкі (1913-44), П.П.Брыкеля (1903-1984), С.І.Балгарына (1925 гр), М.Ф. Выдайкі (1913-44), В.М.Грыгор'ева (1908-44), У.В. Лупава (1897-44), М.С.Аслікоўскага (1900-71), І.І.Сытнікава (1904-44), А.Ф.Труханава (1911-44), М.Ц. Шаўчэнкі (1907-79).

Перадавікі вытворчасці далі свае імёны дзвюм вуліцам: П.Н. Ангелінай (1913-59), А.Р. Стаханава (1906-77)

А таксама ёсць вуліцы імя касманаўта Ю.А. Гагарына (1934-68), супрацоўнікаў камісарыяту ўнутраных спраў І.М. Наскова (1911-48), і А.Я. Стралкоўскага (1917-53) і Шчадрына. Якога Шчадрына мелі на ўвазе – народніка, пісьменніка, жывапісца ці скульптара, пакуль не ведаю. Ёсць сумнівы і з Шаўчэнкам: вуліца Шаўчэнкі існавала ў цэнтры горада ў 1940 гадах, як вуліца Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі, а ў 1955 годзе ўзнікла заміж вуліцы Шырокай, як вуліца імя Міхаіла Цімафеевіча Шаўчэнкі, ганаровага грамадзяніна Ліды. Так напісана ў кнізе: "Іх імёнамі названы" (Мінск, 1997, с.679). Я абышоў усе дамы, з надзеяй удакладніць, каго ж з Шаўчэнкаў мелі на ўвазе. Але, ні на адным з трафарэтаў няма ініцыялаў, і любы грамадзянін па прозвішчы Шаўчэнка можа лічыць, што гэта вуліца названа ў яго гонар.

З прыведзенага спісу відно, што перавага назваў лідскіх вуліц аддадзена вайскоўцам, партызанам і падпольшчыкам – 62 вуліцы, камуністычным дзеячам, рэвалюцыянерам і паўстанцам – 32 вуліцы. І ні аднаго імені заснавальніка завода, фабрыкі, вытворчасці.

Павінен адзначыць, што абсалютная большасць вядомых і знакамітых вучоных, пісьменнікаў, паэтаў, музыкантаў, мастакоў, правадыроў, паўстанцаў, герояў і перадавікоў вытворчасці не мелі ніякіх адносін да нашага горада, ды і наўрад ці чулі пра яго існаванне.

Толькі 17 чалавек: М.І. Канаховіч, В.П. Таўлай, М.М. Ігнатаў, А.Г. Качан, А.А. Клімко, М.І. Кастраміна, Зоя і Лёня Кудачовы, М.К. Наказных, І.А. Пралыгін, М.Г. Гарэеў, Л.І. Бяда, І.М.Наскоў, А.Я. Стралкоўскі, Т.С.Радзюк, Р.Ф.Фамічоў, М.М.Малахаў жылі ў Лідзе. Магчыма ў Паўднёвым гарадку жыў таксама А.Я. Брандыс. В.А. Рыбіноўскі 52 дні сядзеў у лідскай турме.

16 чалавек з спісу пахаваныя ў Лідзе: М.М. Ігнатаў, А.Г. Качан, А.А. Клімко, М.І.Кастраміна, Зоя і Лёня Кудачовы, М.К. Наказных, М.П. Арцёменка, М.Ф. Выдайка, В.М. Грыгор'еў, І.І. Сытнікаў, А.Ф. Труханаў, І.М. Наскоў, А.Я. Стралкоўскі, Т.С. Радзюк, М.М. Малахаў.

А. Міцкевіч, Ф.Э. Дзяржынскі, А. С. Пашкевіч (Цётка), Я. Купала, А.А. Коннаў, С.І. Балгарын, М.С. Аслікоўскі, М.Ц. Шаўчэнка, П.П. Брыкель, П.М. Машэраў, К.М. Галіцкі, Б.А. Булат, магчыма таксама У.В. Лупаў - бывалі ў Лідзе.

І толькі 1 чалавек з ўсяго спісу ў 148 прозвішчаў – Аляксанд Аляксандравіч Клімко – нарадзіўся ў Лідзе. Трэба думаць, што ў горадзе за амаль 700 гадоў яго існавання акрамя падпольшчыка А.А. Клімко, растралянага фашыстамі ў 19 гадоў, нікога вартага імянной вуліцы не нарадзілася. Вышэйшы клас савецкага гаданімічнага пілатажу.

Я магу назваць дзесяткі ўраджэнцаў Ліды і Лідчыны – акадэмікаў, паэтаў, прамыслоўцаў, якія годны імяной вуліцы ў горадзе больш, чым Нахімаў, Дундзіч, Лібкнехт... Уладам былым і сённяшнім яны не вядомыя.

За час афіцыйнай незалежнасці з'явілася 5 імянных вуліц – гэта ізноў вайскоўцы: маршал і лётчыкі-штурмавікі.

У 90-я гады пры выбары назваў для вуліц у ход пайшлі прафесіі (Геалагічная, Інжынерная, Рыбацкая, Фермерская); дрэвы і кусты (Вербная, Кляновая, Ліпавая, Лазовая, Чаромухавая); месяцы (Майская); гарады і пасёлкі (Полацкая, Воранаўская, Дзітвянская, Дубровенская, Іўеўская, Нарачанская, Ашмянская).

Вярнуліся тры назвы 30-х гадоў. (Лётная, Ліпавая, Шырокая). А ў астатнім стандартны набор саветызмаў: (Акадэмічная, Балтыйская, Вясёлкавая, Дружная, Загарадная, Збожавая, Калядная, Камунальная, Крынічная, яшчэ раз Крынічная (у Расейскім перакладзе Родниковая), Міру, Мірная, Народная, Наватарская, Паветраная, Паркавая, Парніковая, Пясчаная, Падлесная, Пасялковая, Прыгарадная, Прамысловая, Радасная, Раздольная, Рэспубліканская, Рамантыкаў, Сустрэчная, Узорная, Фестывальная, Фізкультурная, Цэнтральная (на ўскраіне горада).

З назваў вуліц прыезджы замежнік ніякім чынам не зразумее, куды ён прыехаў, але адразу вызначыць, у які час. Мы жывём у сталінскім мінулым. Спадзяюся, што не назаўсёды. Не сумняваюся, што калі-небудзь у нас з'явяцца вуліцы вялікіх князёў Альгерда, Вітаўта, кнігавыдаўца Яна Карцана, вучоных Догеля, Юндзіла, Нарбута, акадэмікаў Котвіча і Мігдала, літаратуразнаўцы Когана, актрысы Раксы, заводчыкаў Пупко і Шапіры, мастака Яманта, музыканта Горскага, дактароў Казубоўскага і Вераб'ёва... - стваральнікаў, а не разбуральнікаў, будаўнікоў, а не штурмавікоў, даследчыкаў, а не падпольшчыкаў, тутэйшышых знакамітых людзей, а не чужаземцаў.

Некаторыя мясцовыя парадоксы.

Рэчку Лідзейку лідскія вуліцы перасякаюць не меняючы назваў. Іншая справа чыгункі, - пры іх перасяченні вуліцы назвы, як правіла, мяняюць. Свярдлова - Савецкая; Труханава - Шаўчэнкі – Някрасава; 8 сакавіка – Чырвонаармейская. два выключэнні:

Штампавярховая мураваная забудова 70-80 гадоў была накладзена на прыватную драўляную 40-60 гадоў. Шырокія магістралі заміж вузенькіх вуліц і завулкаў. Незавершанасць забудовы прывяла да парадаксальных вулічных сітуацый. Вуліца Маркса плаўна пераходзіць ў вуліцу Дзекабрыстаў, якая ўпіраецца ў плот, цераз два кварталы вуліца Маркса з'яўляецца зноў на супрацьлеглым баку вуліцы Горкага. Вуліца Чырвонаармейская робіць ход канём, вызваляючы месца вуліцы Рыбіноўскага. Вуліца Шчорса мае паўкіламетравы разрыў які перасякаюць 4 папярэчныя вуліцы. Вуліца Беларуская таксама закончваецца каля плоту. Вуліца Гогаля на агароджанай тэрыторыі дзіцячага садка № 7 робіць 90-градусны паварот і ўпіраецца ў бардзюр.

Райвыканкам і Нацыянальны банк хаваюць, што размешчаны на вуліцы Шалом - Алейхема. Іх афіцыйныя адрасы – Савецкая – 8 і Савецкая – 10. Дзяржаўным чыноўнікам, відаць, не па рэквізіту працаваць на вуліцы яўрэйскага пісьменніка. Праезд які цягнецца ад вуліцы Савецкай да Кургана не мае назвы. Гэта не Ленінская, не Купалы і не Шалом- Алейхема, хаця два драўляныя дамы, размешчаныя ў яе пачатку маюць трафарэты Шалом-Алейхема.

На вуліцы Суворава застаўся адзін дом № 29. На Маладзечанскай засталося 3 дамы.

На вуліцы Янкі Купалы таксама застаўся 1 дом №1 (Раённы палац культуры).

Вуліцу Коннава ў мясцовым друку часта называюць вуліцай Коннага, Мяснікова – вуліцай Мясніковіча, Сытнікава – Сітнікава.

Глухія завулкі, такія, як Бялінскага, Грыбаедава, Кудачавых, Купалы, Шубіна, называюцца вуліцамі, а нармальныя вуліцы з праездамі ў абодва бакі называюцца завулкамі – Лугавы, Люксембург, Малахава 1- шы, Свярдлова 2-гі, Садовы, Вузкі. У Лідскім гарадскім аддзеле архітэктуры розніцу паміж вуліцай і завулкам мне патлумачыць не змаглі, аказваецца ў сучасных слоўніках, законах, СНіП-ах, і метадычных указаннях, азначэнні вуліца і завулак не тлумачыца.

Затое ёсць азначэнне мікрараёна, якім не грэх бы і карыстацца. "Мікрараён – структурны элемент, жылой забудовы, плошчай, як правіла 10-60 га, але не больш 80 га, не падзелены магістральнымі вуліцамі і дарогамі, у межах якога размяшчаюцца ўстановы і прэдпрыемствы штодзённага карыстання з радыюсам абслугоўвання, не больш 500 м ; межамі як правіла, з'яўляюцца магістральныя або жылыя вуліцы, праезды, пешаходныя шляхі, натуральныя рубяжы". (СНіП 2.07.01-89, с. 4).

У горадзе выразна выдяляюцца такія мікрараёны, як Паўднёвы гарадок, Новы Паўднёвы гарадок, Касманаўтаў, кварталы паміж вуліцамі Машэрава і Горкага, Рыбіноўскага і Тухачэўскага, паміж вуліцай Фрунзе і вадасховішчам на рацэ Лідзейцы. Прывязваць назвы мікрараёнаў да магістральных праездаў неразумна. Нумарацыя дамоў ў мікрарайоне Тухачэўскага-Рыбіноўскага незразумелая нават яго жыхарам. Гэтыя мікрараёны на мой погляд, павінны мець кароткія ёмкія назвы і зразумелую нумарацыю дамоў без усякіх карпусоў.

Мартыралог, знікшых лідскіх гадонімаў

Аўтары мемуараў пастаянна блытаюць назвы вуліц. Асабліва гэта тычыцца часоў вайны, калі ўлады і большасць гараджан карысталіся не савецкімі назвамі, накінутымі ў 1939 -40 гадах, а польскімі. Каб аблегчыць ім ўспаміны прыводжу спіс знікшых назваў лідскіх вуліц.

Вул. Віленская (1674 - 1921), Сувальская, ці правільна Палка Сувальскага (1921-40), Савецкая з 9.01.1940 па гэты час.

Вул. Замкавая (1675 -1940), паўн. частка стала Віленскай каля 1850 г., паўдн. частка - Энгельса з 9.01.1940 па г.ч.

Вул. Каменская (1680 -1921), 3-га мая (1921-40), Ленінская (у 40-х гадах Леніна) з 9.01.1940 па г.ч.

Вул. Крывая (1680 -1935), Мацкевіча (1935-40), ?, зав. Ленінскі з 12.12.1968, знік у 70 -х.

Вул. Дваровая (1798).

Вул. Сенатарская (1846).

Вул. Паштовая (1843-92), зав. Паліцэйскі (1892-1903), вул. Паліцэйская (1903-21), Пераца (да1995), знікла.

Вул. Аляксандраўская (1892-1921), вул. Ёселевіча да 9.01.1940, Шалом-Алейхема з 1940 па г.ч.

Зав. Завальны 1892, вул. Завальная да 1955, Ламаносава з 1955 г. па г.ч.

Зав. Лідскі (1892-1903), вул. Лідская (1903- 63), Таўлая з 1963 г. па г.ч.

Зав. Камерцыйны (1892-1903), вул. Камерцыйная (1903-55), Шолахава да 24.10.1957, Вясенняя з 1957, знікла ў 80-х.

Зав. Садовы (1892-1903), вул. Садовая (1903-41), знікла пасля бамбёжкі 23 чэрвеня 1941 г.

Зав. Шкляны (1892-1903), вул. Шкляная (1903- 45), Купалы Я. з 30.10.1945 па г.ч.

Зав. Гандлёвы (1892-1903), вул. Гандлёвая (1903 -45), знікла ў 50-х.

Зав. Школьны (1892-1906), вул. Школьная (1906 -40), Кірава з 9.01.1940 па г.ч., зах. частка –вул. Неўскага з 1955.

Зав. Яраслаўскі (1892-1921).

Вул. Дваранская (1903-21).

Вул. Пастаўская (1903-41), Папаніна (1940-41) і Фрунзе з 9.01.1940.

Вул. Сядлецкая (1903 -38), Нарбута (1938-40), Піянерская з 9.01.1940 па г.ч.

Зав. Александраўскі (1903-21).

Зав. Замкавы (1903 -21).

Зав. Чырвоны 1903, вул. Чырвоная да 1940 г., знікла 23.06.1941. Зав. Крупскі (1903-13), вул. Крупская (1913-55), вул. 8 сакавіка з 9.01.1940 па г.ч., паўнзах. адрэзак – Гастэлы з 1955 па г.ч.

Зав. Міхайлаўскі (1903-21).

Вул. Вакзальная (1906 -21).

Зав. Моргаўскі 1906 - Маргі да 9.01.1940, Пасялковая (1940-45), Пакрышкіна (30.10.1945-24.10.1957), Суворава з 1957 па г.ч.

Зав. Сянны (1906-21).

Вул. Алея Самаабароны да 1955, Молатава да 24.10.1957, Чыгуначная з 24.10.1957 па г.ч.

Вул. Белагрудская да 31.05.1965, Выдайкі з 1965 па г.ч.

Вул. Бярозавая да 26.05.1955, Пралетарская і Дзімітрова з 26.05.1955 па г.ч.

Вул. Балотная (1938 -45), знікла ў 50-х.

Вул. Бальнічная знікла ў 80-х.

Вул. Баравая да 1955, Рэвалюцыйная з 1955 па г.ч.

Вул. Бары да 9.01.1940, Асіпенка П. з 1940 па г.ч.

Вул. Вясёлая знікла ў 1940 г.

Вул. Віленская (1921-40), Свярдлоўская (9.01.1940-45), Свярдлова з 1945 па г.ч.

Вул. Вішнёвая да 1955, Матросава з 1955 па г.ч.

Вул. Воўчая да 9.01.1940, Сакаліная (1940 -55), Тэльмана з 1955 па г.ч.

Вул. Гедзімінаўская да 9.01.1940, Пушкінская (1940-55), Замкавая з 1955 па г.ч.

Вул. Гарыстая да 7.05.1970, Стралкоўскага з 1970 па г.ч.

Вул. Гарнянская да 30.10.1945, Ракасоўскага (1945 -57), Інтэрнацыянальная з 24.10.1957 па г.ч.

Вул. Гражыны да 9.01.1940, Энгельса з 1940 па г.ч.

Вул. 29 студзеня да 9.01.1940, вул. 9 студзеня з 1940, знікла ў 60-х.

Вул. Дзіканка або Касцельная знікла ў 1940.

Вул. Доўгая (Длуга) да 1955, Талстога Л. з 1955 па г.ч.

Вул. Маладварцовая до 1937, Домб-Бярнацкага (1937-40), Малачыгуначная (1940-41), Маладварцовая 1945, Малая чыгуначная (1945- 55), Варашылава (1955-24.10.1957), Маладварцовая (24.10.1957), Гагарына з 70-х па г.ч.

Вул. Дубовая да 1955, зав. Маркса 1-шы з 1955 па г.ч.

Вул. Яловая (Ядлова) да 1955, Чайкінай з 1955 па г.ч.

Вул. Жвіркі да 9.01.1940, Някрасава з 1940 па г.ч.

Вул. Жалігоўскага да 9.01.1940, Дзяржынскага з 1940 па г.ч.

Вул. Жалезная знікла ў 1955.

Вул. Чыгуначная (Колейова) да 15.08.1944, Труханава з 15.08.1944 па г.ч.

Вул. Жаромскага - знікла ў 1955.

Вул. Жырмунская да 1955, Тургенева з 1955 па г.ч.

Вул. Жураўліная да 1955, Менжынскага, Дакучаева і Франко з 1955 па г.ч.

Вул. Закрытая да 1955, зав. Спартыўны з 1955, знік у 70-х.

Вул. Казармавая (Кошарова) да 9.01.1940, Чырвонаармейская з 1940 па г.ч.

Вул. Каштанавая да 30.10.1945, Жукава (1945-57), Марозава П. з 24.10. 1957 па г.ч.

Вул. Кілінскага да 9.01.1940, Гогаля з 1940 па г.ч.

Вул. Ламаносава да 2010 г. З 2010 – праспект Перамогі.

Вул. Могілкавая (Цментарска) да 9.01.1940, Люксембург Р. з 1940 па г.ч.

Вул. Касцюшкі да 9.01.1940, Ламаносава з 1940 па г.ч.

Вул. Легіённая до 9.01.1940, Кулямётная (1940-64), Клімко з 11.06.1964, паўн.-усх. адрэзак – зав. Энгельса з 1964 па г.ч.

Вул. Тартакі да 9.01.1940, Лесазаводская з 1940 па г.ч.

Вул. Лётная (1938- 8.07.1979), генерала Бяды з 8.07.1979 па г.ч.

Вул. Ліпавая да 1955, Айвазоўскага з 1955 па г.ч.

Вул. Кахання (Мілосна) да 9.01.1940, Маякоўскага з 1940 па г.ч., паўн. адрэзак - імя Дабралюбава з 1955 па г.ч.

Вул. Мянніцкага да 9.01.1940, Танкавая (1940- 64), Радзюка з 11.06.1964 па г.ч.

Вул. Мастоўская да 9.01.1940, Чарнышэўскага з 1940 па г.ч.

Вул. Нарутовіча да 9.01.1940, Камунальная (1940-45), Чарняхоўскага з 30.10.1945 па г.ч.

Вул. Няпоўная да 9.01.1940, Катоўскага з 1940 па г.ч.

Вул. Новая 1938-45, знікла.

Вул. Навінка, знікла ў 1945.

Вул. Навасельская да 9.01.1940, Шчорса з 1940 па г.ч.

Вул. Агульная (Вспульна) да 9.01.1940, Чырвонагвардзейская з 1940 па г.ч.

Вул. 11-га лістапада да 9.01.1940, 7-га лістапада з 1940 па г.ч.

Вул. Орліч-Дрэшара да 9.01.1940, Камуністычная з 1940 па г.ч.

Вул. Акопы да 9.01.1940, Асаавіяхімаўская (1940-88), Тухачэўскага з 13.12.1988 па г.ч.

Вул. Вызвалення до 9.01.1940, ? (1940-45), Калініна з 1945 па г.ч.

Вул. Перацкага да 9.01.1940, Беларуская (1940-45), Перамогі з 1945 па г.ч.

Вул. 1-я Навапрудская, з верасня 2010 г. – праспект Перамогі

Вул. Пескі да 1945, знікла

Вул. Пілсудскага да 1940, Чапаева з 1940 па г.ч.

Вул. Пагулянка да 30.10.1945, Касмадзям'янскай (1945-55), знікла.

Вул. Пажарная (Стражацка) да 1955, Чайкоўскага з 1955 па г.ч.

Вул. Палесская знікла ў 1940.

Вул. Палявая (Польна) да 1955, Маркса з 1955 па г.ч.

Вул. Прыгожая (Гожа) да 9.01.1940, Чкалава з 1940 па г.ч.

Вул. Птушыная да 9.01.1940, Загародняя (1940- 72), Жабінскага з 5.05.1972, Галіцкага (26.04 -30.05.1973), Жабінскага па г.ч.

Вул. Радунская, знікла ў 80-х.

Вул. Райнеса да 9.01.1940, Мінская з 1940 па г.ч.

Вул. Райская да 9.01.1940, Горкага М. з 1940 па г.ч.

Вул. Раслякі – знікла ў 60-х.

Вул. Рыдз-Сміглага да 9.01.1940, Куйбышава (1940-2.05.1958), паўн. адрэзак - ім. Сядова і Крылова з 1955, Куйбышава 4-ая (1958-69), Катлярэўскага з 10.07.1969 па г.ч.

Вул. Самаабароны - знікла ў 1955.

Вул. Шавецкая да 9.01.1940, Шаўчэнкі (1940-45), знікла ў 50-х.

Вул. Сельская (Вейска) да 1955, зав. Сельскі з 1955, знік у 80 х.

Вул. 17-га красавіка да 9.01.1940, 17 верасня (1940-55), да Камсамольскай у 1955.

Вул. Сойкішкі да 9.01.1940, Хасанская (1940-45), Хасанаўская (1945-71), Хасанаўская 1-ая з 1971 па г.ч.

Вул. Сакаліная да 1940, Спартыўная (1940-1965), Шубіна з 31.05.1965 па г.ч.

Вул. Сасновая да 1955, Заслонава з 1955 па г.ч.

Вул. Скарупкі да 9.01.1940, Крупскай з 1940.

Вул. Стругі да 1955, Калгасная з 1955.

Вул. Сукурчэўская да 9.01.1940, Лясная (1940-55), Шастаковіча (1955-24.10.1957), Багратыёна з 1957 па г.ч..

Вул. Сыракомлі да 9.01.1940, Мопраўская з 1940 па г.ч.

Вул. Цёплая з 9.01.1940, Баранавіцкая з 1940 па г.ч.

Вул. Ціхая да 1955, Нахімава з 1955 па г.ч.

Вул. Таполевая да 1955, Даватара з 1955 па г.ч.

Вул. Турэцкая да 9.01.1940, Малая з 1940, знікла ў 50-х.

Вул. Вузкая до 1955, Лермантава з 1955 па г.ч.

Вул. Фалькоўскага да 9.01.1940, Беларуская (1940-45), Перамогі з 1945 па г.ч.

Вул. Халодная да 1940, Гомельская з 9.01. 1940, знікла ў 80-х

Вул. Кветкавая да 1955, Фурманава з 1955 па г.ч.

Вул. Шаптыцкага да 9.01.1940, Астроўскага М. з 1940 па г.ч.

Вул. Шырокая да 1955, Шаўчэнкі М. з 1955 па г.ч.

Вул. Эйшышская (да 9.01.1940), Кааператыўная з 1940 па г.ч.

Вул Энгельса (да 2010 г.). З верасня 2010 г. – праспект Перамогі і вуліца Грунвальдская.

Вул. Будзённага да 24.10.1957, зав. Саўгасны з 24.10.1957 па г.ч.

Зав. Молатава да 24.10.1957, зав. Чыгуначны з 24.10.1957 па г.ч.

Зав. Саўгасны 1-шы да 22.05.1958, вул. Паўзунова з 22.05.1958 па г.ч.

Зав. Першамайскі 1-шы да 22.05.1958, вул. Камунараў з 22.05.1958 па г.ч.

Зав. Пляханава 1-шы, 2-гі, 3-ці (да 22.05. 1958), зав. Камунараў 1-шы,2-гі, 3-ці з 22.05.1958 па г.ч.

Зав. Першамайскі 2-гі (да 22.05.1958), зав. Пляханава 1-шы з 22.05.1958 па г.ч.

Зав. Арджанікідзэ 2-гі і 3 -ці (22.05.1958), зав. Пляханава 2-гі і 3-ці з 22.05.1958 па г.ч.

Зав. Заслонава (1955-22.05.1958), вул. Пляханава з 22.05.1958 па г.ч.

Вул. Саўгасная (1955-65), Ігнатава з 31.05. 1965 па г.ч.

Вул. Шпітальная (1938-65), Арцёменкі з 31.05.1965 па г.ч.

Зав. Гомельскі (1955-22.05.1958), вул. Паўночная (1958 -67), Грыцкевіча з 23.11.1967- знікла ў 80-х.

Вул. Дабралюбава да 23.11.1967, Лупава з 23.11.1967 па г.ч.

Зав. Горкага 2-гі (12.12.1968) знік у 70-х.

Вул. Пясчаная (15.04.1965-5.05.1972), Герасімава з 5.05.1972 па г.ч.

Вул. Маскоўская 2-ая да 5.05.1972, Акрэсціна з 5.05.1972 па г.ч.

Вул. Кіеўская 2-ая да 26.04.1973, Кастраміной з 26.04.73 па г.ч.

Вул. Чырвонармейская 2-ая да 26.04.1973, Рыбіноўскага з 26.04.1973 па г.ч.

Вул. Вільнюсская 2-ая да 26.04.1973, Канаховіча з 26.04.1973 па г.ч.

Зав. Чарнышэўскага 3-ці да 26.04.1973, вул. Наказных з 26.04.1973 па г.ч.

Зав. Энгельса 4-ты да 26.04.1973, вул. Кудачавых з 26.04.1973 па г.ч.

Вул. Маскоўская 4-ая да 26.04.1973, Коннава з 26.04.1973 па г.ч.

Вул. Маскоўская 3-я да 30.05.1973, Галіцкага з 30.05.1973 па г.ч.

Вул. Крупаўская 1-ая до 8.06.1979, Фамічова з 8.06.1979 па г.ч.

Зав. Говарава да 8.06.1979, Царука з 8.06. 1979 па г.ч.

Зав. Говарава 2-гі да 8.06.1979, Каліноўскага з 8.06.1979 па г.ч.

Зав. Чарнышэўскага 4-ты да 8.06.1979, вул. Грыбаедава з 8.06.1979 па г.ч.

Зав. Чарнышэўскага 5-ты, вул. імя Гайдара з 8.06.1979 па г.ч.

Зав. Камунараў знік у 70 –х.

Зав. Кіеўскі 1-шы і Кіеўскі 2-гі зніклі ў 70-х.

Зав. Куйбышава 2-гі, 3-ці, 4-ты зніклі ў 70-х.

Вул. Ураджайная да 11.07.1985, Булата з 11.07.1985 па г.ч.

Вул. Жданава (1955- 1989), Зялёная з 14.03. 1989 па г.ч.

Вул. Заводская (24.10.1957-1991), знікла.

Вул. Заводская 1-ая (1971-89), знікла.

Гэты спіс патрабуе ўдакладненняў, не выключаны і памылкі, буду рады любым дапаўненням. Мне, напрыклад, не вядома, як называлася вуліца Калініна ў 1940-41 гг. - Маскоўскай ці Інтэрнацыянальнай, а можа быць неяк інакш.

 

 

alt

Статья предоставлена журналом «Лідcкі летапісец» («Лидский летописец»).

Подписной индекс 002572.

Учреждение информации "Издательский дом ТБМ". УНП 590229321.


 
 
 
 

Популярное

Вопрос-ответ