RATING ALL.BY
 
 
Вы находитесь: Главная Статьи Наша история Трагедыя 11-й змешанай авіяцыйнай дывізіі, ч.6
 
 

Трагедыя 11-й змешанай авіяцыйнай дывізіі, ч.6

127 зап:

Як разгортваліся падзеі ў 127 зап, які ўваходзіў у склад 11-й змешанай авіяцыйнай дывізіі?


Камандзір палка Гардзіенка Андрэй Васільевіч, прызначаны на пасаду загадам НКА № 098 ад 9.01.1941 (ЦАМА, ф. 20054-а, воп. 2, спр. 1, арк. 35).

Па словах намесніка камандзіра па палітчастцы Праскурына А.П., (maito:almer/tut.by), базавы аэрадром палка - горад Скідаль. На ўзбраенні "І-153". У палку было 4 эскадрыллі. У чэрвені частка была выведзена на палявы аэрадром Лесішча (на ўсход ад Скідаля). 22.06.1941 аператыўны дзяжурны па тэлефоне далажыў, што атрымана паведамленне аб бамбардзіроўцы нямецкімі самалётамі г. Гародні. Дзяжурнае звяно (І.Я. Камароў, А.Н. Данілін, К.М. Трэшчаў) выляцела ў раён Гародні на выведку. (ЦАМА РФ, ф.127 зап, воп. 299453, спр. 1, 1.3).

"Ці не правакацыя гэта",- падумаў камандзір палка Гардзіенка. Нават калі дзяжурнае звяно вярнулася і пацвердзіла дадзеныя аб баявых дзеяннях на мяжы, падпалкоўнік Гардзіенка ўсё яшчэ сумня-ваўся, што пачалася вайна.

Атрымаўшы заданне на баявы вылет для прыкрыцця горада ад варожых налётаў, адзін з лётчыкаў 1-й эскадрыллі спытаў Гардзіенку: "Збіваць або не збіваць нямецкія самалёты?" Камандзір палка даў нявызначаны адказ: "Думаць на месцы трэба".

Начальнік штаба палка маёр І.С. Клемят, які стаяў побач, вымавіў: "Там будзе позна думаць. Іх трэба збіваць да падыходу да Гародні". І, звярнуўшыся да лекара, дадаў: "Доктар, дзейнічайце па плану, хутка могуць быць параненыя!".

З-за неапраўданай сакрэтнасці многія камандзіры палкоў не ведалі ў поўным аб'ёме задач дывізіі па плане прыкрыцця мяжы. Такі падыход спараджаў пасіўнасць, неапраўданыя чаканні ў баявым становішчы загадаў "зверху", у той час, калі патрабаваліся актыўныя і рашучыя дзеянні. Словы Гардзіенкі: "Думаць на месцы трэба" як раз пра гэта і гавораць. Да таго ж, Гардзіенка напэўна ведаў пра ўчынак Мікалая Белагуба. У гэтых адносінах больш пашанцавала камандзіру 122 зап, за яго загад аб перабазаванні часткі самалётаў на запасны аэрадром аддаў інспектар ВПС Якушын М.Н."

Праскурын успамінае далей: "Першы павет-раны бой правяла пяцёрка знішчальнікаў, узначаленая палітруком А.С. Данілавым. На поўнач ад Гародні лётчыкі заўважылі тры варожыя бамбардзіроўшчыкі, і пайшлі ў лабавую атаку. Два гітлераўцы, не вытрымаўшы націску, са зніжэннем пачалі сыходзіць, але вядучы "Юнкерс" працягваў палёт. З трэцяй атакі яго знішчыў А.С. Данілаў, а С.С. Дзяругін, І.Ф. Дружкоў, С.А. Гарын і К.М. Трэшчаў знішчылі ўцякаўшыя самалёты.

Варакін Р.І., Жукоўскі С.Я., Арцёмаў А.А. таксама далажылі аб новых перамогах, хоць Варакін Р.І атрымаў цяжкае раненне, але здолеў прызямліцца на сваім аэрадроме." (ЦАМА РФ. Ф.11 зад, воп.17880, спр.3. аркарк. 2-3).

Узначаленая А.С. Данілавым васьмёрка знішчальнікаў рассеяла групу варожых самалётаў над Гародняй, на захад ад Гародні Данілаў збіў другі самалёт за раніцу на ўскраіне в. Крапіўна.

Вяртаючыся ў зону патрулявання, лётчыкі ўбачылі, што каля 40 фашысцкіх самалётаў рыхтуюцца штурмаваць аэрадром Чарлёна, на якім базаваўся 16 хбап. Але з усходу да Чарлёны накіроўваліся дзве эскадрыллі 127 зап. Паднятыя па трывозе ў 10.10 гадзін, яны з ходу ўрэзаліся ў варожую групу. Сутычка працягвалася звыш 30 хвілін. З абодвух бакоў удзельнічала да 70 самалётаў. Савецкія авіятары збілі 4 самалёты, але і самі страцілі 5 знішчальнікаў. (3 лётчыкі ў розны час дабраліся да сваіх, у т.л. Данілаў А.С., які здзяйсніў таран і пазней за ўсіх вярнуўся да сваіх, а двое - лейтэнанты П.А. Кузьмін і М.М. Міхайлаў - загінулі (ЦАМА РФ, ф.127 зап, воп. 673501, спр.2, арк. 63).

У другой палове дня вызначылася група лётчыкаў, узначаленая лейтэнантам С.Я. Жукоўскім, выляцеўшая ў раён Скідаля і Гародні для прыкрыцця наземных войскаў. У хуткаплынным баі С.Я. Жукоўскі і мал. лейтэнант Б.А. Фокін збілі па аднаму самалёту кожны, а трэці самалёт супраціўніка стаў ахвярай усёй групы. У фюзеляжы і плоскасцях машыны Фокіна налічана 20 прабоін.

Камандзір эскадрыллі І.М. Драздоў здзейсніў пяць баявых вылетаў і збіў 2 самалёты. Дзевяць раз падымаўся ў паветра А.А. Арцёмаў, і знішчыў 3 варожыя машыны.

На вачах у асабовага складу палка, які назіраў бой з зямлі, здзейсніў вычын камандзір звяна лейтэнант М. П. Ярошын. Ён проста з узлёту пайшоў у лабавую атаку. Нямецкі лётчык на МЕ-109 меў яўную перавагу ў хуткасці і манеўранасці, мог без цяжкасці збіць узлятаўшы самалёт. Аднак Ярошын не завагаўся і не звярнуў з курсу. Пры збліжэнні адначасова прагучалі дзве доўгія кулямётныя чэргі. Коштам свайго жыцця савецкі лётчык збіў фашысцкага сцярвятніка. Таварышы пахавалі лейтэнанта М. П. Ярошына побач з аэрадромам (maito:almer/tut.by)...

Камандаванне палка надало вялікае значэнне маскіроўцы. Рана раніцай пасля трывогі тэхнікі і механікі разасяродзілі матэрыяльную частку і абсталявалі стаянкі самалётаў на ўскрайку вялікага лесу. Гэтымі работамі кіраваў камуніст інжынер-капітан У. С. Кубараў. Лётчыкі атрымалі загад скарыстоўваць тактычныя прыёмы маскіроўкі аэрадрома. Вяртаючыся з заданняў, яны падыходзілі да базы на прыземным палёце. Пасля пасадкі самалёты адразу ж хаваліся. Пры ўзлёце патрэбная вышыня набіралася не адразу, а пасля выхаду на малой вышыні з раёна аэрадрома. Толькі пасля 19 гадзін супраціўнік выявіў аэрадром, і неўзабаве каля 30 бамбардзіроўшчыкаў Ю-87 у суправаджэнні зніш-чальнікаў МЕ-109 прыляцелі на яго штурмоўку. Завязаўся паветраны бой. У гэтай сутычцы страты былі з двух бакоў.

Паводле Праскурына А.П, пасля адбіцця налёту маёр П. А. Багданаў, які ўступіў у камандаванне палком (падпалкоўніка Л. У. Гардзіенку прызначылі камандзірам 11-й змешанай авіяцыйнай дывізіі замест загінулага ў першай палове дня палкоўніка Ганічава) загадаў эскадрыллям перабазавацца на аэрадромы Шчучын, Жалудок і Наваградак. Пералёт ажыццяўляўся позна ўвечар, амаль у цемры, але ўсе лётчыкі шчасліва прызямліліся на новыя пункты базавання.

А тут вось і пачынаецца, па-мойму, хітрасць намесніка камандзіра па палітчастцы Праскурына А.П., які гаворыць, што камандзір палка маёр Багданаў П.А., які заступіў на пасаду, загадаў эскадрыллям перабазавацца на аэрадромы Шчучын, Жалудок і Наваградак, не ўдакладняючы, хто, у якой колькасці і дзе сеў. С. Даўгушын успамінае: "... Надыходзіла ноч. Зацемна самалёты, якія знаходзіліся на аэрадроме Чарлёна, пазасталыя ад двух палкоў, селі на аэрадроме ў Лідзе. Наш полк сеў і 127 зап сеў, пры гэтым ні адной машыны не паламалі..."

Як жа было ў рэчаіснасці? Калі аб падзеях першага дня вайны ў 122 зап С. Даўгушын распавядае, успамінаючы і станоўчае, і негатыў, то ўспаміны асабовага складу 127 зап заканчваюцца падзеямі вечара 22 чэрвеня. У лепшым выпадку пішуць, што разляцеліся па розных аэрадромах, або наогул нічога не пішуць. Успаміны К. Трэшчава: "На наш полк легла асноўная нагрузка па адбіцці налётаў варожай авіяцыі на Гарадзенскім кірунку. Вылеты ішлі адзін за адным. Лётчыкі не пакідалі кабіны самалётаў нават падчас запраўкі самалётаў палівам. Нас нават кармілі ў кабінах". Нажаль, аўтар не згадвае тых, хто забяспечваў баявыя вылеты - работнікаў наземных службаў. Аўтар заканчае: "Мы паспяхова выканалі сваю задачу. Мост праз р. Нёман фашысты не знішчылі. На сваіх састарэлых мадэлях самалётаў мы наносілі ворагу даволі значныя выты. Да канца дня мы выглядалі вельмі стомленымі і пастарэлымі". (Памяць. Гарадзенскі раён. Мн., 1993, стар.132-133).

Паміж тым, немцы і не збіраліся знішчаць масты цераз раку Нёман, шырыня якой каля 100 м, бо яны меліся скарыстацца мастамі, каб перабрацца са сваёй цяжкай тэхнікай і артылерыяй на ўсходні бераг Нёмана.

І усё! Куды яны дзеліся (127зап), пасля таго, як "паспяхова выканалі сваю задачу", дзе і колькі самалётаў засталося ў палку - маўчок!

Калі ўлічыць, што прыкладна ў 19.00 гадзін супраціўнік выявіў стаянку 127-га зап, пасля чаго завязаўся бой са стратамі з абодвух бакоў, дзе ж знаходзіўся полк з 20 да 23 гадзін? Па Праскурыну, пералёт палка ажыццяўляўся позна ўвечар 22 чэрвеня (калі самы доўгі дзень у годзе), амаль у цемры на аэрадромы Шчучын, Жалудок, Наваградак. Улічваючы, што камандаваў 11 зад падпалкоўнік Гардзіенка А.У. замест загінулага ў Лідзе Ганічава, наўрад ці ён мог дапусціць, каб яго стварэнне - 127 зап, мог паляцець у Шчучын, Жалудок, Наваградак (дзе вялося будаўніцтва аэрадромаў). Хутчэй за ўсё, трэба пагадзіцца з С. Даўгушыным, што 122-гі і 127-мы знішчальныя палкі ўвечар 22 чэрвеня селі ўсё-такі ў Лідзе. Даўгушын сцвярджае, што ўвечар у Лідзе села больш за сто самалётаў. Чаму нампаліт Праскурын А.П. і генерал Трэшчаў К.М. са 127 зап замоўчваюць начлег у Лідзе ў ноч з 22 на 23 чэрвеня? Нават праз 60 гадоў пасля тых трагічных падзей, цяжка прызнацца, што раніцай 23 чэрвеня быў "драп-марш" з Ліды ў Менск, а адтуль - у Маскву. Па Даўгушыну, "пасля штурмоўкі аэрадрома ў Лідзе рана раніцай 23 чэрвеня застаўшымся пілотам загадалі сесці ў аўтамашыны...". Ці была паніка сярод лётчыкаў, хто загадаў адбыць з Ліды ў Менск, ці быў гэта арганізаваны адыход на перафармаванне, або гэта быў "драп-марш"? Адказу пакуль няма.

Па С. Даўгушыну, раніцай 23 чэрвеня немцы ў Лідзе знішчылі палову самалётаў, што засталіся да канца першага дня вайны. Калі ўвечар 22 чэрвеня было больш за 100 самалётаў, то 50 самалётаў засталіся "жывыя" пасля ранішняй штурмоўкі 23 чэрвеня. Вось таму, відавочна, і не жадаюць ветэраны 127 зап прызнаць, што яны ў Лідзе кінулі разам з 122 зап каля 50 "жывых" самалётаў. Ды і ў Маскве, трэба лічыць, не самы лепшы прыём чакаў лётчыкаў 122 і 127 знішчальных палкоў. Вось таму і маўчаць ветэраны 127 зап.

Трэшчаў К.М. ва ўспамінах піша: "У маім архіве захоўваецца жоўклы ад часу нумар газеты "Красная звезда" ад 9 ліпеня 1941 года. На першай старонцы апублікавала Ўказ аб узнагароджанні авіятараў, якія праславіліся ў першы дзень вайны ў баях за Радзіму. Сярод іх 9 лётчыкаў нашага палка: Андрэй Данілаў, Сяргей Дзяругін, Іван Драздоў - узнагароджаныя вышэйшымі ўзнагародамі Радзімы - ордэнамі Леніна; Сяргей Жукоўскі, Р. Варакін, Аляксей Арцёменка, Мікалай Ярошын - ордэнамі Чырвонага Сцяга; Ілья Шустаў і Алег Сянчугаў - ордэнамі Чырвонай Зоркі. У смяротнай сутычцы з выклятым ворагам у першы дзень вайны мы страцілі такіх выдатных лётчыкаў, як Пётр Кузьмін, Міхаіл Разумцаў, Мікалай Ярошын, Міхаіл Філіпаў, Аляксей Міхайлаў, Мікалай Сушкін, Аляксандр Пачын, Іван Маркаў, Аляксей Пяцькун і Анатоль Грыбакін..." (Памяць. Гарадзенскі раён. Мн., 1993, стар.132-133).

Вядома, што 7 лётчыкаў: Р. Варакін, А. Грыбакін, І. Маркаў, Н. Міхайлаў, М. Разумцаў, М. Сушкін, М. Філіпаў загінулі на зямлі без самалётаў падчас бамбар-дзіроўкі аэрадрома Лесішча, але пры якіх акалічнасцях, К.Трэшчаў ва ўспамінах не паказвае, называючы іх толькі "выдатнымі лётчыкамі".

16-ты хуткасны бамбардзіровачны полк

Пра 16-ты хуткасны бамбардзіровачны полк (хбап) захаваліся вельмі скупыя звесткі. Полк удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг. Дыслакаваўся ў Ржэве. У жніўні 1940 года полк увайшоў у склад 11 зад і базаваўся ў Жалудку.

Галоўным кіраваннем ВПС на 16 хбап ускла-даліся вялікія надзеі. Паводле першапачатковых планаў пераўзбраенне на першыя пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі павінна было адбыцца ў 16 хбап у 1940 годзе. У сапраўднасці атрымалася так, што першыя серыйныя самалёты атрымалі 95 хбап (Маскоўская вайсковая акруга) і 48 ббап (Кіеўская вайсковая акруга). Трэцім палком у ВПС, які атрымаў новыя пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі, быў 16 хбап, што базаваўся ў Жалудку.

2-3 траўня 1941 года полк перадыслакаваўся з аэрадрома Жалудок на палявы аэрадром у Чарлёну, дзе завяршаў перавучванне на "Пе-2". Да 22.06.41 г. полк меў на ўзбраенні 24 хуткасныя бамбардзіроўшчыкі "СБ", у тым ліку адзін няспраўны, і 37 найноўшых "Пе-2".

Ацэнка новага самалёта лётна-тэхнічным складам шыхтовых частак ВПС спачатку была вельмі насцярожанай. "Машына занадта складаная ў тэхніцы пілатавання, асабліва на ўзлёце і пасадцы, - адзначаў камандзір 95 хбап палкоўнік А.З. Мялаў, - эксплуатацыя самалётаў патрабуе лётчыкаў вышэй сярэдняй кваліфікацыі, шараговы лётчык авалодвае машынай з цяжкасцю". Тым не менш, "Пе-2" з'яўляўся перадавым самалётам. Ён уяўляў сабой яркі прыклад новага пакалення бамбардзіроўшчыкаў 40-х гадоў. "Пе-2" пераўзыходзіў па хуткасці на ўсіх вышынях "СБ" любой мадыфікацыі, прынамсі, на 60 км/ч (http://pe2.petlyakov-bomber.by.ru/texts/04.html).

16 хбап- адзін з палкоў ВПС Заходняга фронту, самалёты якога, нажаль, у першую раніцу вайны былі знішчаныя на зямлі. Па ідэалагічных меркаваннях аб гэтай трагедыі ў адкрытым друку звестак няма. Як гэта адбылося, каму трэба, той ведаў. Ва ўсёй адкрытай гістарычнай літаратуры падзеі ў 16 хбап апісваюцца так: камандзір эскадрыллі 16-га хуткаснага бамбар-дзіровачнага авіяцыйнага палка Пратасаў Анатоль Сяргеевіч 22 чэрвеня 1941 года ў 9.50 па загадзе камандзіра Скварцова А.А. выляцеў з аэрадрома Чарлёна (45 км на паўднёвы захад ад г.Ліды) у складзе звяна СБ на выведку. Ледзь нашыя самалёты зрабілі круг над аэрадромам, як паказалася 6 дзявятак цяжкіх знішчальнікаў "Ме-110", якія ішлі на вышыні 300 м на штурмоўку аэрадрома. Пратасаў накіраваў свой бамбардзіроўшчык на вядучага першай дзявяткі і сам загінуў пры таране. Разам з ім загінулі члены экіпажа: штурман лейтэнант Ярулін А.К. і стралок-радыст сяржант Бесарабаў.

Як выцякае з дакументаў ЦАМА, старэйшы лейтэнант Сіналобаў на найноўшым "Пе-2" падняўся ў паветра і загінуў у баі са знішчальнікамі ворага. (ЦАМА. Архіўная праца А. Валяева-Зайцава).

Па афіцыйнай версіі, у першы дзень вайны ў выніку налёту нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў на аэрадром Чарлёна на зямлі былі знішчаныя 12 "Пе-2" і 14 "СБ". А куды дзеліся 25 "Пе-2" і 10 СБ?

У нейкі меры растлумачвае падзеі ўспамін Асі Барысаўны Фёдаравай, якая працавала ў ваенгандлі ў 16 хбап: "Улетку 1940 на аэрадром у Жалудку селі першыя самалёты, верагодна СБ. Камісарам палка быў Дзвінскі. У канцы красавіка 1941 года на аэрадром прыгналі каля 200 "зэкаў" з Калугі. 2-3 траўня 1941 г. полк пераляцеў на аэрадром у Чарлёну. У гэты час на аэрадроме пачалося будаўніцтва паласы. Першы налёт здзейснены прыкладна ў 4 гадзіны, другі - у 8 раніцы. Пасля другога налёту самалётаў, прыдатных да палётаў, не засталося. З аэрадрома ўдалося падняцца аднаму самалёту (не ясна, "СБ" або "Пе-2") пад кіраваннем Самарына, якому ўдалося сесці пад Менскам. У выніку налётаў засталіся толькі 2 "Пе-2" (не ясна, ці прыдатныя да палёту). Акрамя таго, магчыма, спрабавалі падняцца яшчэ 5-6 самалётаў. Загінулых, акрамя экіпажа Пратасава, тараніўшага СМ, не было. Параненыя і кантужаныя былі. Забітых, ва ўсякім разе, лётчыкаў - не. Тлумачыцца тым, што першы налёт быў здзейснены на стаянкі самалётаў, а потым - на намётавы гарадок, які да гэтага часу паспелі па-кінуць і схавацца ў ляску. 23 або 24 чэрвеня, эвакуюючыся на паўтаратонцы, за Наваградкам убачылі групу нямецкіх самалётаў, адзін з якіх дыміў. З яго выскачыла 2 лётчыкі. Іх паланілі і здалі ў камендатуру. Затрыманне пра-водзілі лейтэнант і 4 чырвонаармейцы, якія ехалі ў машыне". (http://edu.grsu. by/rubon/forum/viewtopic. php?t=14).

Паводле вышэйпаказанага палітданясення 11 зад з Ліды ў Менск 22 чэрвеня, адпраўленага ў 14.50, у небе над Чарлёнай з 3.30 да 12.00 адбываўся бой, але гэта быў бой, у асноўным, пілотаў 122-га і 127-га палкоў з нямецкай авіяцыяй: "...у 9.50 гадзін 37 самалётаў супраціўніка зрабілі налёт на аэрадром Чарлёна. Хуткасныя бамбардзіроўшчыкі палка гараць. Падрабязнасці і страты невядомыя. Пілоты 127 зап з 3.30 да 12.00 зрабілі 8 баявых вылетаў у раён Чарлёна-Гародня. Страты - адзін палітрук. У 10.45 гадзін бой у раёне Чарлёна-Гародня з 27-30 самалётамі супра-ціўніка. Збітых няма".(http://www.soldat.ru/forum/forum.html?page=1&id=3600& referer_query= page%3D1).

Вядома, што ў ноч з 21 на 22 чэрвеня 1941 года тры лётчыкі 16 хбап: старэйшыя лейтэнанты Варанчыхін М.Я., Фадзееў І.І. і лейтэнант Паўлаў Ф.А. з сяржантамі Барысавым П.Д. і Сакаловым У.А. селі ў цягнік Беласток-Ленінград, верагодна, на чыг. станцыі Масты і накіраваліся на ўсход. Куды, у камандзіроўку, адпачынак? Пакуль не вядома. Вядома толькі тое, што даехалі яны толькі да г. Ліды, дзе загінулі рана раніцай 22 чэрвеня пры бамбардзіроўцы цягніка (ЦАМА, архіўная праца А. Валяева-Зайцава).

Адгукнуўся нашчадак лётчыка 16 хбап - Сальнікаў Георгі Георгіевіч (Канада) - сын Сальнікава Георгія Іванавіча, стралка-радыста 16 хбап. "Мой бацька знаходзіўся на лагерным аэрадроме Чарлёна ў момант штурмоўкі немцамі 22 чэрвеня 1941 года. Дзесьці ў 1952-1953 г.г. бацька распавёў мне, хлапчуку, трагічную гісторыю пачатку вайны. Распавёў, як за суткі да пачатку вайны з бамбардзіроўшчыкаў было знята кулямётна-гарматнае ўзбраенне. На яго вачах ка-мандзір эскадрыллі Пратасаў узляцеў і пайшоў на таран... Дзесьці ў 10-11 раніцы знайшлі кінутую паўтаратонку, бацька выцер мокры трамблёр і завёў яе. На ёй чалавек 20-25 з 16-га палка дабраліся да Ліды. Пры іх быў сцяг палка і штабныя дакументы... Іх усіх арыштавалі, але неўзабаве выпусцілі...". (http://gspo.ru/index.php?s=76a0f1b4898c3188a1ff0533a 036643d&showtopic=635&st=120).

С. Даўгушын лічыць, што 16 хбап поўнасцю "накрылі ў Чарлёне", і ў Лідзе іх 22-га і раніцай 23-га чэрвеня не было" (http://www.soldat.ru/forum/forum. html? page=1&id=3600&referer_query=page%3D1). Паводле ўспамінаў А.Д. Фёдаравай выходзіць, што лётны склад 16 хбап ехаў на ўсход праз Наваградак на 2-гі або 3-ці дзень вайны, а не праз Ліду.

Асноўная сіла выту гітлераўскай авіяцыі прыйшлася на дывізіі першага эшалона вайсковай авіяцыі. Нават па заканчэнні 60 гадоў сапраўдныя прычыны трагедыі пакрытыя цемрай.

Афіцыйная статыстыка стратаў ВПС Заходняга фронту ў першы дзень вайны: 528 самалётаў загінулі на аэрадромах, 133 былі збітыя варожымі знішчальнікамі, 18 - зеніткамі, 53 - не вярнуліся з баявога задання па нявысветленых прычынах. Акрамя таго, у катастрофе разбіўся 1 самалёт, 2 пацярпелі аварыі і 3 здзейснілі змушаныя пасадкі. Разам страты склалі 738 самалётаў, або амаль палову колькасці ВПС фронту (ЦАМА. ф.35, воп. 3802, спр. 19, арк. 70).

11, 9, і 10 зад Заходняга фронту 22.06.1942 былі поўнасцю разгромленыя. Тры дывізіі страцілі 654 самалёты, што складала 80 адсоткаў ад першапачатковага ліку самалётаў у гэтых дывізіях. Вялікую частку сваіх самалётаў гэтыя тры дывізіі страцілі на зямлі. Абсалютна дакладных лічбаў страт мы не даведаемся, верагодна, ніколі.

Такі быў першы дзень вайны. За скупымі словамі франтавікоў хаваецца вялікі боль і шкадаванне аб той найвялікшай трагедыі, якая назаўжды застанецца ў памяці - дзень 22 чэрвеня 1941 года.

На другі дзень вайны 11-я змешаная дывізія Заходняга фронту, якая знаходзілася ў першым эшалоне, аказалася небаяздольнай і была выведзена на перафармаванне. Па афіцыйнай статыстыцы, у кіраванні дывізіі былі 4 самалёты, у 122 зап - 71, з іх 11 няспраўныя (паводле С. Даўгушына ў палку былі72 самалёты, усе-усе спраўныя і 72 пілоты), у 127 зап - 72, з якіх 7 няспраўных, у 16 хбап 24 СБ, з якіх адзін няспраўны і 37 "Пе-2. Разам у дывізіі было 208 самалётаў, з якіх на 22 чэрвеня было 19 няспраўных (http://www.rkka.ru/22/vvs/zapovo.htm). Паводле С. Даўгушына, да вечара 22 чэрвеня на Лідскім аэрадроме было каля 100 самалётаў. Рана раніцай 23 чэрвеня была яшчэ штурмоўка аэрадрома. "І я ўпэўнены, што 50 адсоткаў самалётаў, а то і больш "жывых" засталося". (http://www. soldat.ru/forum/forum.html?page= 1&id=3600& referer_query=page%3D1). Колькі засталося "жывых самалётаў?

Старэйшы сяржант 229-га асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна Смірноў Б.Н. успамінае: "З прычыны перапыненай тэлефоннай сувязі мяне паслалі ў выведку на аэрадром. Вельмі здзівіла карціна, якая адкрылася: практычна цэлыя ўзлётныя палосы і вышыхтаваныя ў рад цэленькія нашы самалёты. Толькі падыйшоўшы ўшчыльную, я ўбачыў, што яны зрашочаны кулямётнымі чэргамі. З людзей нікога не выявіў. Бомбавых вырваў было шмат, асабліва сярод развалін і абгарэлых рэшткаў пабудоў. Відаць было, што фашысты бамбілі люта, але з разлікам, па магчымасці, захаваць месца для пасадкі і ўзлёту сваіх самалётаў". (ЛГММ "Смірноў Б.Н.").

Цікава, у ліпені 1941 года за пройгрыш памежнай бітвы былі расстраляныя камандуючы войскамі акругі З. Паўлаў, начальнік штаба акругі Клімоўскіх, а член Вайсковай рады карпусны камісар А. Фаміных не атрымаў нават вымовы (http://armor.kiev.ua/army/hist/stratplan-zapovo.shtml).

Як былі сустрэты нашы сокалы, праявіўшыя велізарную мужнасць і гераічнасць, у Маскве? Пра гэта звестак пакуль няма. Паводле ўспамінаў М.Я. Карабкова, ужо "20 ліпеня 1941 года лётчыкі 11 зад атрымалі "МіГі" і выляцелі на фронт дзвюмя эскадрыллямі па дзесяць самалётаў у кожнай, гэта значыць у тры разы менш, чым было 21 чэрвеня..." (Штотыднёвая газета "Надежда" № 19 (213) ад 10.05.2007).

Спіс асабовага складу частак 11-й змешанай авіяцыйнай дывізіі, прадстаўленых да ўзнагароджання ордэнамі СССР за вызначэнне ў баях з нямецкімі фашыстамі.

(ЦАМО, ф.11 зад, воп.2, спр.5, арк.3).

122-гі знішчальны авіяцыйны полк

1. Намеснік камандзіра 122 зап капітан Уханеў Васіль Мітрафанавіч. 22.6.41г. над аэрадромам Чарлёна ўступіў у бой з 6 самалётамі супраціўніка. Збіў адзін самалёт супраціўніка "Ме-110". Расстраляўшы ўсе патроны, хітрым манеўрам выйшаў з-пад выту, і шчасліва сеў на сваім аэрадроме.

2. Камандзір эскадрыллі капітан Арлоў Канстан-цін Фёдаравіч. 22.6.41 г. у Чарлёне ўступіў у бой са звяном супраціўніка. Збіў адзін самалёт супраціўніка "Ме-110" і сеў на свой аэрадром. Біўся з выключным майстэрствам.

127-мы знішчальны авіяцыйны полк

1. Нам. камандзіра аэ па палітчастцы старшы палітрук Арцёмаў Аляксандр Аляксеевіч. 22.6.41 года меў 9 баявых вылетаў. Збіў у паветраным баі 3 самалёты супраціўніка.

2. Камандзір звяна малодшы лейтэнант Шустраў Ілья Ільіч. Неаднаразова вадзіў звяно ў бой, і асабіста сам збіў адзін самалёт супраціўніка 22.6.41 года.

3. Камандзір эскадрыллі старшы лейтэнант Драздоў Іван Мікалаевіч. 22.6.41 года, удзельнічаючы ў баях у паветры з варожымі самалётамі, зрабіў 5 баявых вылетаў і збіў два нямецкія самалёты.

4. Памочнік камандзіра эскадрыллі лейтэнант Варакін Разум Іванавіч. 22.6.41г. мае тры баявыя вылеты. Збіў адзін самалёт супраціўніка. Быў паранены і пасадку зрабіў на сваім аэрадроме.

5. Камандзір звяна малодшы лейтэнант Дзяругін Сяргей Сяргеевіч. За 22.6.41г. меў 9 баявых вылетаў. Збіў 4 нямецкія самалёты.

6. Камандзір звяна лейтэнант Сенчукоў Алег Іванавіч. За 22.6.41г. меў 5 баявых вылетаў. Збіў 1 нямецкі самалёт.

7. ЧВА камандзіра эскадрыллі лейтэнант Жукоўскі Сяргей Якаўлевіч. За 22.6.41г. зрабіў 9 баявых вылетаў. Збіў 4 нямецкія самалёты.

8. Нам. камандзіра эскадрыллі па палітчастцы старшы палітрук Данілаў Андрэй Сцяпанавіч. 22.6.41 г. над аэрадромам Чарлёна ўступіў у бой з 9 самалётамі супраціўніка. Збіў 2 самалёты Ме-110, расстраляў усе патроны. Бачачы бязвыхаднае становішча, накіраваў свой самалёт прама на варожы самалёт. Тараніць самалёт не ўдалося, бо іншым самалётам супраціўніка быў збіты. Т. Данілаў загінуў смерцю храбрых за Сацыялістычную Радзіму.

(А.С. Данілаў, здзейсніўшы таран, быў пара-нены, пасля папраўкі вярнуўся ў полк.)

16-ты хуткасны бамбардзіровачны

авіяцыйны полк

1. Камандзір эскадрыллі капітан Пратасаў Анатоль Сяргеевіч. 22.6.41г. пры налёце супраціўніка на аэрадром пад абстрэлам падняўся на вышыню 300 метраў уступіў у бой, у выніку якога збіў 1 самалёт супраціўніка, расстраляўшы ўсе патроны, прата-раніўшы другі самалёт праціўніка, загінуў смерцю героя.

Камандзір 11-й зад,

Двойчы Герай Савецкага Саюза,

генерал-лейтэнант авіяцыі Краўчанка.

Нач. штаба 11-й зад палкоўнік Вараб'ёў.

(http: //bb.ct.kz/index.php?showtopic=194868st =520).

Прааналізаваў гэты спіс, Васіль Бардаў - гарадзенскі краязнавец, заўважыў дзіўную карціну: па дакументах атрымліваецца, што лётчыкі 127-га палка ўзнагароджаныя былі практычна ўсё, хто ўдзельнічаў у паветраных баях. Па 122 зап капітана Арлова ўзнагародзілі цалкам заслужана. Дзіўна, што ў спісе няма іншых лётчыкаў 122 зап, таго ж С. Даўгушына. Хоць вядома, што лётчыкамі 122-га і 127-га палкоў збіта 22 чэрвеня, адпаведна, 15 і 20 самалётаў супраціўніка. З узнагароджаннем намесніка камандзіра палка - начальніка штаба Уханева Ў.М. сітуацыя заблытаная. Па С. Даўгушыну: Уханева ў 16 хбап (Чарлёна) у гэты час не было, і быць не магло. У Новым Двары самалёт Уханева атрымаў пашкоджанне - быў падбіты матор. Пасля таго, як Уханев з падбітым маторам прызямліўся на аэрадроме Новы Двор, ён сеў у аўтамабіль, і з Новага Двара з'ехаў у Ліду, у штаб дывізіі (http://sdo.grsu.by/forum/index.php?PHPSESSID=4fabc8cdde078e36b3587 f7ae55ee45e&action=profile;u=1507;sa=showPosts).Т.ч. атрымліваецца, што толькі Арлову палкавое начальства залічыла збітыя ім самалёты. А Уханеву залічылі яшчэ і тыя самалёты, якія ён наогул збіць не мог.


Продолжение следует ...


alt Статья предоставлена журналом «Лидcки летописец»(«Лидский летописец»).

Подписной индекс 002572.

Учреждение информации «Издательский дом ТБМ».

УНП 590229321.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

 
 
 
 

Популярное

Вопрос-ответ