Мясцовасць гэтая, першапачаткова занятая адным з літоўскіх плямёнаў,—відаць, Няромай,—у канцы першай паловы XI ст. увайшла ў склад рускіх валадарстваў. Па словах гісторыкаў Літвы, вялікі князь кіеўскі Яраслаў I Уладзіміравіч у 1040 і 1044 г.г. здзейсніў два паходу на Літву і, разбіўшы літоўцаў у наваколлях г. Слоніма, перайшоў р. Нёман і завалодаў іх землямі аж да р. Віліі (Narbutt, dzieje narodu Litewskiego, III, 225,233,235). З тых часоў да паловы XIII ст. р. Вілія складала межавую рысу паміж літоўскімі і рускімі валадарствамі, пры чым правы бераг яе зваўся Літоўскім берагам, а левы Рускім або Рускім краем (Летапіс Быхаўца 1846, 4). Ужо ў пачатку XII ст. на Рускім баку р. Віліі існавала некалькі ўдзельных рускіх княстваў, з ліку якіх часцей за іншых у гісторыі згадваецца Гарадзенскае (Stryjkowski, kronika Polska. Litewska etc. (1846). I, 85).
Адціснутыя за р. Вілію літоўцы спакойна сядзелі сярод сваіх лясоў да паловы XII ст., калі адзін з літоўскіх князёў Кунас, па словах літоўскага летапісу (Летапіс Быхаўца, 2-3), “пануючи в земли Жмойдской, почалъ множити и разширати и выходити за реку Веллю”. Выхад Кунаса за Вілію, відаць, паставіў у некаторую залежнасць ад яго Рускі бок. Паміж іншым летапісы захавалі вестку аб гарадзенскім князі Валадары Глебавічы, які абапіраючыся на цесны саюз з Літвою, наводзіў жах на сваіх сваякоў. У 1159 г., калі ўсе полацкія князі склалі часовы мір і цалавалі адзін аднаму крыж, Валадар Глебавіч ухіліўся ад агульнага замірэння: «не целова креста тем же ходяше под Литвою в лесах». (Ипат. Лет., Карамзин, II, примеч. 386) Далей у крыніцах праслізваюць весткі, што з-за ўладанне краем паміж Літвою і Руссю вялася ўпартая барацьба, якая скончылася тым, што ў 1219 г. дзевятнаццаць літоўскіх князёў з’явіліся да вялікай княгіні Раманавай (удавы Рамана Мсціслававіча Галіцкага) і яе сыноў Данііла і Васількі і склалі мір (Ibid. III, заўв.. 190.). Рускі край застаўся пад уладай рускіх князёў да паловы XIII ст.
У 1242 г. татарскія атрады цалкам спустошылі Чорную Русь і Рускі край. Літоўскія князі, карыстаючыся тым, «иж Русская сторона спустела и русские князи разогнаны», у 1246 г. на чале з Эрдзівілам Мантвілавічам , пераправіўшыся цераз Вілію і Нёман, бесперашкодна занялі ўвесь Рускі край і Чорную Русь. (Летапіс Быхаўца, 3-4; Stryjkowski. I. 233-237). З тых часоў да канца XVIII ст. уся гэтая мясцовасць стала знаходзілася ў складзе літоўскіх земляў.
Каля 1330 г. у Рускім краі, на правым узбярэжжы р. Нёмана, і Васкрасенскі летапіс і хроніка Стрыйкоўскага ў першы раз згадваюць імя літоўскага горада Ліды (Полное Собр. Рус. Лът., VIII, Воскрес., 240; Stryjkowski, I, 381.). Хоць імя Ліды датуль ні ў адной, з першакрыніц і не сустракаецца, але несумнеўна, што селішча гэта належыць да ліку найстаражытных селішчаў літоўцаў і існавала ўжо ў Х ст., г. зн. да таго часу, калі Рускі край не быў яшчэ ў валоданні рускіх князёў. На гэтую акалічнасць паміж іншым паказвае літоўскага паходжанне самой назвы “Ліда”, якая азначае ў перакладзе, на рускую мову — лясныя пацярэбкі, пчальнік, наогул мясцовасць, вычышчаную ад росшага на ёй лесу (Narbutt, Dzieje, V, дадат. I.). Несумнеўна таксама, што Ліда яшчэ ў палове XIII ст. уяўляла собою ўмацаваны пункт, бо Іпацеўскі летапіс пры апісанні княжання Войшалка згадвае, што ён пры дапамозе Шварна і Васілька “имал городы в Литве и в Налщанох” (Карамзін, IV, заўв. 142).
Неаднаразовыя з’яўленні рускіх князёў і татараў на левым узбярэжжы верхняй плыні р. Нёмана і жаданне забяспечыць ад нападаў іх межы ўласнай Літвы і новай літоўскай сталіцы Вільні, прымусілі Гедзіміна збудаваць у Лідзе, на месцы старога драўлянага ўмацавання, новы замак. Пішуць, што аснова новага Лідскага замка было закладзена Гедзімінам у 1323 г., а пабудова яго цягнулася некалькі гадоў, пры чым замак будавалі палонныя валынцы, пад кіраўніцтвам выпісаных з Кіева майстроў (Narbutt, Dzieje, V, дадат. I.).
Гедзімін, незадоўга да сваёй смерці, размяркоўваючы ўдзелы паміж сваімі сынамі, Лідскі замак з цягнуўшайся да яго воласцю, у якасці трокскага прыгарада, аддаў Кейстуту (Stryjkowski. I. 381). У 1346 г. Лідская воласць была саступленая Кейстутам брату свайму Альгерду, які каля 1370 г. аддаў яе ў трыманне свайму прыдворнаму ўлюбёнцу і разам з тым чалавеку нізкага паходжання нейкаму Вайдылу. Летапіс Быхаўца (стар. 23) распавядае, што «некто пан был холоп у великого князя Ольгерда, паробок невольны, звали его Войдылом, первие был пекарь, потом уставил его постелю слати и воду давати себе питии, а потом и вельми полюбился ему и дал был ему Лиду держати и повел был его у доброе». Па смерці Альгерда, Вайдыла ўзвысіўся яшчэ больш: дзякуючы свайму розуму і хітрасці, ён здолеў падпарадкаваць сабе слабахарактарнага Ягайлу і пачаў аказваць уплывы на дзяржаўныя справы; Ягайла ж дараваў Вайдылу баярскую годнасць і выдаў за яго замуж сваю родную сястру Марыю. Апошні ўчынак Ягайлы моцна абразіў самалюбства дзядзькі яго, старога Кейстута, які адкрыта пачаў дакараць сваю радню за сувязь яе з чалавекам нізкага паходжання, Вайдыла ж пачаў помсціць за гэта Кейстуту. Узаемная варожасць скончылася тым, што Кейстут, празнаўшы аб заключаным супраць яго саюзе паміж Ягайлам і крыжакамі, раптам напаў на Вільню, схапіў Ягайлу, а сябе абвясціў вялікім князем. Князь ноўгарад-северскі Зміцер Карыбут, родны брат Ягайлы, заступіўся за апошняга і пачаў пагражаць Кейстуту. Кейстут выступіў супраць Карыбута і па дарозе ў яго ўдзел напаў на Дуброўню, за 5 вёрст ад Ліды, схапіў тут Вайдылу і загадаў яго павесіць у 1381 г. (Danilowicz. Skarbiec Diplomotow. I. № 477, заўв. 8 ).
Аднак і Кейстут не доўга сядзеў на вялікакняскім пасадзе. У 1383 г. Ягайла пад падставай прымірэння прывабіў яго да сабе, затрымаў і адправіў у Крэўскі замак, у падзямеллі якога няшчасны стары быў задушаны. Такая ж доля пагражала і Вітаўту, але ён паспеў збегчы да нямецкіх рыцараў, з якімі на працягу некалькіх гадоў трывожыў Літву.
Са смерцю Вайдылы Лідская воласць перайшла ў валоданне Ягайлы, які ў граматах тытулаваў сябе князем віцебскім, крэўскім, лідскім (Balinski. Starozytna Polska. III. 253).
У той час Лідская воласць займала сабой толькі малаважную паўднёва-ўсходнюю частка цяперашняга Лідскага павету, менавіта, тыя самыя землі, з якіх у XV-XVI ст. быў складзены Лідскі павет. З аднаго боку яна р.р. Жыжмай і Гаўяй адлучалася ад воласці Віленскага прыгарада Ашмяны, а з іншага боку цераз р. Дзітву межавала з Трокскім княствам (М. Любавский. Областное дел. и местное управл. Лит.-Рус. Госуд.).
У 1391 г. Ягайла аддаў Ліду Зміцеру Карыбуту, а ў студзені месяцы, наступнага года, моцны аддзел нямецкіх рыцараў у шэрагах якога знаходзіўся і сам Вітаўт, пярайшоўшы па лёдзе каля м. Аліты р. Нёман, нечакана з’явіўся ля сценаў Лідскага замка, спаліў прылеглую да яго частку горада і запатрабаваў здачы яго Вітаўту. Застрашаны першымі дзеяннямі рыцараў, Зміцер Карыбут у глухую поўнач спешна выступіў са ўсім сваім аддзелам з замка, пакідаючы яго без бою Вітаўту, і накіраваўся ў Наваградак. Пішуць, што крыжакі вывезлі тады адгэтуль вялікія запасы зброі, правіянту і г.д. Атрымаўшы такім чынам у сваё валоданне Лідскі замак, Вітаўт у хуткім часе зноўку перабудаваў яго і зрабіў з яго адно з наймацнейшых умацаванняў на Літве (Narbutt, V. 245, Balinski, III, 253.).
4 жніўня 1392 г. у маён. Востраў, каля г. Ліды, паміж Вітаўтам і Ягайлам, былі падпісаныя ўмовы вечнага міру, пры чым Лідская воласць засталася ў валоданні Вітаўта. Гэтая апошняя акалічнасць паслужыла нагодай да новай міжусобнай вайны. Карыбут запатрабаваў у Вітаўта вартання Ліды, але атрымаўшы адмову, у пачатку восені 1392 г. сабраў значнае наёмнае войска і выступіў з ім супраць Вітаўта. Вітаўт не дапусціў Карыбута да сценаў Лідскага замка і сустрэў яго на беразе р. Нёман. Ля в. Дакудава адбылася кароткая, але гарачая бітва. Карыбут не выстаяў і адступіў да Наваградка, але і тут ён абараніцца не сумеў, быў пабіты, захоплены ў палон і са ўсім сваім сямействам адасланы да Ягайлы ў Польшчу (Летапіс Быхаўца, 33; Stryjkowski, II, 101).
У 1397 г. Вітаўт аддаў Лідскую воласць у валоданне ўцякачу пад яго заступніцтва хану, некалі грознай Залатой Арды, Тахтамышу. Тахтамыш два з лішнім гады пражыў у г. Лідзе ў адмысловым доме, што стаяў на тым месцы, дзе цяпер размешчаныя хаты плябаніі р.-каталіцкага касцёла. Мясцовасць гэтая доўгі час насіла назву Тахтамышава двара (Живописная Россия, изд. Вольфа, III, ч. II).
Планы Вітаўта аб узвядзенні на пасад Залатой Арды Тахтамыша і аб заваёве Масквы і ўсёй Русі разбіліся на р. Ворскле. Аднак Вітаўт не ўпаў духам і ў 1405 г. захапіў Смаленск. Князь Юрый Святаслававіч Смаленскі пакінуў жонку і дзяцей у горадзе, уцёк у Маскву. Вітаўт узяў у палон княжае сямейства і разам з баярамі адправіў яго ў Літву дзе пасяліў у Лідскім замку. Па сведчанні запісак плябана Лідскага касцёла кс. Стогнева, складзеных каля 1450 г. кн. Юрый Святасла-вавіч, жадаючы вызваліць сваё сямейства з палону 5 жніўня 1406 г. са значным узброеным аддзелам падступіў да Ліды, спаліў горад і пачаў рабіць прыступы да замка, але лідскі стараста Якуб з Селіцы адбіў прыступы Юрыя і прымусіў апошняга адступіць па дарозе на Вільню (Narbutt, V, дадат. I; Balinski, III, 254).
У 1422 г. Лідзе прыйшлося быць сведкай пышнага вясельнага балю. У лютым гэтага года ў г. Наваградку адбыўся чацвёрты шлюб састарэлага польскага караля Ўладзіслава Ягайлы з князёўнай кіеўскай Сафіяй, а святкаванне вяселля, па запрашэнні гасціннага Вітаўта, было прызначана ў г. Лідзе. Сюды сабралася мноства гасцей, у ліку якіх быў нунцый папы Марціна V Антоній Зена, прыбылы ў Літву для расследавання спрэчак з Ордэнам. Вітаўт наогул любіў паказаць бляск свайго двара і сваю проста казачную гасціннасць. Досыць успомніць прыёмы гасцей Вітаўтам у Луцку і Троках, каб меркаваць аб тым, да якіх памераў яго гасціннасць даходзіла. Вясёлыя баляванні ў Лідзе працягваліся да вялікага паста і доўга дастаўлялі матэрыял для аповядаў аб праяўленай тут пышнасці (Balinski, III, 254; “Кругозор”, 1876, № 22).
Па смерці Вітаўта вялікім князем Літоўскім быў абвешчаны Свідрыгайла, родны брат Ягайлы. Свідрыгайла, жадаючы разарваць усякую сувязь паміж Літвой і Польшчай, неадкладна падняў вайну супраць Ягайлы, з-за чаго і быў пазбаўлены вялікага княжання, а літоўскі пасад заняў па абранні малодшы брат Вітаўта Жыгімонт. Паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам завязалася вайна. Жыгімонт сваімі войскамі заняў некаторыя літоўскія гарады, а тым ліку і Ліду. У жніўні месяцы 1433 г. Свідрыгайла зрушыўся адбіраць гарады, занятыя Жыгімонтам. Атрад Свідрыгайлы, які складаўся з цвярскога палка, татараў і літоўскага апалчэння з Ашмяны, падступіў да Ліды. Залога Жыгімонта, якая бараніла Лідскі замак, нягледзячы на энергічныя дзеянні Свідрыгайлы, замка не здала, і Свідрыгайла абмежаваўся толькі тым, што спаліў дашчэнту ўвесь горад і адступіў да Трокаў (Stryjkowski, II, 189; Narbutt, V, дадат. I; VII, 350).
Вайна працягвалася яшчэ некалькі гадоў і скончылася тым, што Свідрыгайла ўцёк у Малдавію, а Жыгімонт пачаў кіраваць дзяржавай. Пасля забойства Жыгімонта адна з партый жадала ўзвесці на літоўскі пасад сына яго Міхаіла, але не гледзячы на тое, што ў руках апошняга былі такія важныя ў вайсковых адносінах пункты як Ліда і інш., яму авалодаць пасадам не ўдалося, бо пасад гэты мацнейшай партыяй быў прадстаўлены сыну Ўладзіслава Ягайлы Казіміру.
У той час лідскім старастам быў сын або ўнук Тахтамыша, апошняя галіна знакамітага роду Чынгіз-хана Даўлет Хаджы-Гірэй. Падчас вайны Свідрыгайлы з Жыгімонтам ён аказаў апошняму нейкую паслугу і за тое атрымаў у трыманне Лідскую воласць, а затым, па абвяшчэнні вялікім князем Казіміра, Хаджы-Гірэй беспярэчна здаў апошняму Лідскі замак, дзякуючы чаму быў пакінуты тут старастам і на дальшы час (Narbutt. VIII 10, 18, 53).
У 1445 г. перакопскія татары прасілі вялікага князя Казіміра даць ім хана, пры чым паказвалі на Хаджы-Гірэя, як на нашчадка знакамітых сваіх правадыроў, цалкам годнага заняць гэтае месца. Казіміру прадставіўся выпадак узгадаць веліч і бляск Вітаўтавага двара. У 1446 г. лідскі стараста быў выкліканы ў Вільню і тут па старадаўнім звычаі, у прысутнасці татарскіх паслоў і мноства саноўнікаў, урачыста апрануты ў ханскую мантыю і абвешчаны ханам Перакопскай арды (Летапіс Быхаўца, 56; Srtyjkowski, II, 212-213).
Пасля Хаджы-Гірэя Лідская воласць або аддавалася ў карыстанне розным асобам за заслугі або ж кіравалася намеснікамі Вялікага князя. Ды пачатку XVI ст. Лідскімі дяржаўцамі і намеснікамі былі: Пац, Ян Кучукавіч, Станіслаў Петрашкавіч і Глеб Сапега. У 1503 г. воласць гэтая была аддадзеная ў трыманне пану Крыштафу Ільінічу, але ў наступным годзе кароль Аляксандр Казіміравіч, па пратэкцыі князя Міхаіла Глінскага, які меў у той час велічэзнае значэнне пры двары, пазбавіў яго гэтага трымання і аддаў яго пану Андрэю Аляксандравічу Дразду. Пакрыўджаны Ільініч, на распараджэнне караля занёс скаргу да паноў-рады В. Кн. Літоўскага. Скарга Ільініча атрымала падтрымку з боку паноў-рады, якія пастанавілі нагадаць каралю аб тым, што ён не мае права без суда пазбаўляць каго-небудзь пажыццёвай пасады, а надалей да канца справы прыпынілі ўвод Дразда ў валоданне Лідскай воласцю. Але Аляксандр Казіміравіч пад уплывам Глінскага, з абурэннем паставіўся да такога рашэння рады і не-каторых з яе чальцоў пазбавіў нават пасад, а Ільініча, як непаслухмянага каралеўскай волі, загадаў узяць пад варту. Такі нечаканы абарот справы збянтэжыў усю літоўскую арыстакратыю. На Радамскім сойме 1506 г. на караля з усіх бакоў пасыпаліся папрокі, але разчэй за іншых асуджаў яго ўчынак Віленскі біскуп Табар. Ён публічна перад каралём вымавіў з гэтай нагоды прамову, якую скончыў праклёнам. Пішуць, што пры апошніх словах біскупа кароль зваліўся, уражаны паралічом (Летапіс Быхаўца: «и скоро то бискуп вымовил на тых месте короля забила немоц паралитыкова ...», стар. 75).
Аляксандр Казіміравіч небяспечна захварэў. Карыстаючыся яго хваробай татары здзейснілі страшнае нашэсце на Літву. У чэрвені месяцы 1506 г. пяцідзесяцітысячная татарская арда пад правадырствам Біці-Гірэя і Бурнаш-Салтана, пераправілася цераз р. Прыпяць, разрабавала Мазыр і Слуцк і спынілася галоўным кошам пры Клецку. Вестка аб татарскім нашэсці была атрымана ў Вільні толькі тады, калі перадавыя татарскія аддзелы з’явіліся на берагах р. Нёмана. Хворы кароль з-за небяспекі, якая пагражала, абвясціў паспалітае рушэнне, г.зн. пагалоўнае ўзбраенне шляхты на абарону Айчыны. Месцам збору апалчэння была прызначаная Ліда, а галоўнае начальства над апалчэннем уручанае князю Міхаілу Глінскаму. Але апалчэнне, не гледзячы на блізкасць небяспекі, збіралася занадта марудна. Нарэшце ў Лідзе сабралася 3 т. чалавек, але і тыя не жадалі выступаць супраць непрыяцеля пад начальствам нялюбага князя Глінскага і бесцырымонна патрабавалі, каб на чале апалчэння стаў сам кароль. Цалкам хворы Аляксандр Казіміравіч быў змушаны прыбыць у Ліду. Яго суправаджала несуцешная жонка Алена Іяанаўна, канцлер Ласкі і некалькі іншых прыбліжаных да караля асоб, у тым ліку віленскі біскуп Табар.
Тым часам татары паспелі пераправіцца на правы бераг р. Нёмана і пачалі рабаваць і паліць селішчы ў паўднёвых воласцях Трокскага ваяводства - Беліцу, Жалудок і інш. Па прыбыцці караля ў Ліду, збор апалчэння павялічыўся на 4 т. чалавек, але кіраваць імі кароль ужо не мог: ён цалкам пазбавіўся сіл і пачаў рыхтавацца да смерці. 24 ліпеня 1506 г. у покоях Лідскага замка Аляксандр Казіміравіч паспавядаўся, прычас-ціўся св. таямніц і падпісаў духоўны тастамант.
Між тым татары, ніколькі не апасаючыся блізасці літоўскай шляхты, ужо руйнавалі наваколлі Ліды. «И скоро прошли за Неман, - гаворыць летапіс Быхаўца (стар. 76) , и не доходячи Лиды, около города, от всех сторон в мили и полумили от города, воевали церкви Божие, и дворы великие, и веси зажигали, и людей имали и забивали». Адзін з высланых у наваколлі горада раз’ездаў, за 7 вёр. ад Ліды сустрэў на рабаванні натоўп татараў, разбіў яго і ў знак перамогі прынёс у горад на дзідах дзесяць татарскіх галоваў.
Вестка аб блізкасці татараў уразіла ўсіх, але асабліва асоб, што атачалі караля, якога было вырашана перавезці ў сталіцу. Аляксандра Казіміравіча, які паміраў, паклалі ў насілкі, прывешаныя паміж двух коней, і ў суправаджэнні двара і невялікага ахоўнага атрада, ранняй раніцай 27 ліпеня 1506 г. вывезлі з Ліды ў Вільню.
Услед за выездам караля апалчэнне, на чале з князем Глінскім і намеснікам гетмана Станіславам Кішкам, выступіла з Ліды супраць татараў. У крова-пралітнай бітве ля Клецка татары былі пабітыя на галаву. Радасная вестка аб перамозе заспела Аляксандра яшчэ ў жывых; ён не мог ужо гаварыць, але толькі мігамі выяўляў сваю радасць і падзяку Богу. Аляксандр памёр у ноч на 20 жніўня 1506 г. (Летапіс Быхаўца, 75-78; Stryjkowski, II, 329-338).
Горад Ліда да часоў Жыгімонта-Аўгуста ўяўляў сабой толькі цэнтр вялікакняскай воласці, а ў 1413 г. адмысловага вайсковага павету або так званага харужаства. У 1586 г. на вальным Віленскім сойме адбылася пастанова аб далучэнні да прысуду Лідскага павету Эйшышскага, Радуньскага, Каняўскага, Дубічскага, Васілішскага і Астрынскага харужастваў, якія знахо-дзіліся да таго часу пад прысудам Трокскага павета і ваяводства (Дакументы Маскоўскага Архіва Мін. Юст., І, 486). Такім чынам, Ліда атрымала значэнне судовага і адміністрацыйнага цэнтра больш шырокай акругі, што значна паўплывала на яе рост і дабрабыт. Горад гэты ў той час яшчэ не карыстаўся правам самакіравання і нароўні з іншымі селішчамі лічыўся ў складзе Лідскай воласці і адпраўляў службу пры Лідскім двары.
Продолжение следует...
Міхал Шымялевіч

Статья предоставлена журналом «Лідcкі летапісец» («Лидский летописец»).
Подписной индекс 002572.
Учреждение информации "Издательский дом ТБМ". УНП 590229321.


